Радаслава Аладава. Неарамантыка, экспрэсіянізм і псіхааналіз: [ёсць пра оперу Андрэя Бандарэнкі “Князь Наваградскі” ] // Мастацтва.- 2007.- №3
Фрагмент з гэтага артыкулу:
Здаецца, зусім нядаўна тое было. На пачатку 1990-х у айчыннай культуры здарыўся сапраўдны оперны бум. На сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы Беларусі адна за адной з’явіліся пастаноўкі «Майстра і Маргарыты» Яўгена Глебава, «Князя Наваградскага» Андрэя Бандарэнкі, «Візіту дамы» Сяргея Картэса. Такім быў «адказ» нашых кампазітараў на тэктанічныя зрухі ў грамадска-палітычным жыцці рэспублікі.
…опера А.Бандарэнкі «Князь Наваградскі», дзе памінальная літургія адкрывае і завяршае дзеянне. Калі ўлічваць кантрастнасць жанравага вырашэння опер (трагедыя-сатыра, лірыка-філасофская драма, эпас) і адметнасць творчых індывідуальнасцей кампазітараў, то такая эмацыянальна-вобразная ўстойлівасць фіналаў прымушае задумацца. Тлумачэнні могуць быць розныя: тут і адбітак тыповага для міленіума апакаліптычнага светаадчування соцыуму, і вяртанне да хрысціянскіх каштоўнасцей -- відавочная прыкмета свайго часу, і распаўсюджаны ў тэатральнай паэтыцы XX стагоддзя прыём аўтарскага каментару. Але ж такая аднадушнасць выбару айчынных мастакоў выяўляе іх ментальную перавагу. Адкрытая маральная скіраванасць фіналаў, шчырая аўтарская спагада і спачуванне героям сведчаць пра нацыянальную традыцыю.
Найбольш ярка і паслядоўна згаданыя хрысціянскія інтэнцыі праяўляюцца ў канцэпцыі оперы А.Бандарэнкі «Князь Наваградскі» (лібрэта В.Іпатавай). Псіхалагічнай дакладнасцю пазначана скразная лінія духоўнага станаўлення галоўнага героя: ад доблеснага ваяра, які бароніць паганскую веру дзядоў, да манаха-падзвіжніка, які заклапочаны лёсам сваёй радзімы. Пералом у свядомасці Войшалка адбываецца падчас ахвярапрынашэння -- спалення яго каханай. Рытуальная сцэна свята Перуна, магчыма, самая ўражальная з усіх музыкальна-фалькларызаваных народных сцэн беларускай оперы, а таксама вытрыманая ў неаархаічным стылі аратарыяльна-харавая лінія манаскіх песняспеваў, якія могуць быць ацэнены як аўтарскае мастацкае адкрыццё, -- усё гэта прыкметы новага. Разам з тым не абышлося і без хібаў. Услед за Смольскім, які ў «Скарыне» знайшоў удалы музычны эквівалент моўнай нацыянальна-характэрнай інтанацыі, Бандарэнка схіляецца да рэчытатыўных форм (традыцыйна «слабога звяна» айчыннай беларускамоўнай оперы), але ж у гэтай сферы поспех яго пакідае.